«Б’е — значыць, сядзе» — погляд у 21 стагодзьдзі на хатні гвалт

1662D093-21C1-4A89-90CD-D87D84DBE3FF_w1023_r1_s

Якія маштабы і формы мае хатні гвалт у Беларусі? Як функцыянуе прытулак для жанчын, якія пацярпелі ад хатняга гвалту?

Расказваюць кіраўніца прытулку грамадзкага абʼяднаньня «Радаслава» Вольга Гарбунова, сябра нацыянальнай рады па гендэрнай палітыцы, кіраўніца аб’яднаньня «Гендэрныя пэрспэктывы» Ірына Альхоўка і генэральная сакратарка «Беларускай асацыяцыі маладых хрысьціянскіх жанчын» Вольга Янчук.

«Кожная трэцяя жанчына хоць раз у жыцьці зьведвае гвалт»

Ганна Соўсь: Напачатку дыскусіі я хацела бы агучыць лічбы, якія падае абʼяднаньне «Радаслава». У Беларусі хатні гвалт у дачыненьні да жанчыны адбываецца ў кожнай трэцяй кватэры. Толькі 29,2% жанчын зьвяртаюцца па дапамогу. 31, 6% падвяргаюцца фізычнаму гвалту, 77,3% — падвяргаліся гвалту хоць бы раз у жыцьці. 45,5% мужчын лічаць магчымым абражаць партнэрку. Кожнае чацьвёртае жаночае самагубства адбываецца на глебе хатняга гвалту. Ірына Альхоўка, ці гэтыя лічбы характарызуюць выключна беларускую сытуацыю? Ці тое самае адбываецца на ўсёй постсавецкай прасторы? Як на гэтым тле выглядаюць іншыя рэгіёны сьвету?

Ірына Альхоўка: Лічбы вельмі падобныя ва Ўкраіне, Расеі і Беларусі. Напэўна ёсьць больш статыстыкі ва Ўкраіне, таму што там закон аб хатнім гвалце быў упершыню прыняты ў 2005-м годзе, а летась быў прыняты ўжо зьменены закон, фактычна новы, які ўлічвае па магчымасьці стандарты Стамбульскай канвэнцыі. Але лічбы актуальныя для ўсяго нашага постсавецкага рэгіёну. На жаль, у нас застаюцца дзьве краіны, дзе няма такога закону — гэта Расея і Беларусь.

Ганна Соўсь: А калі казаць пра іншыя рэгіёны, дзе сытуацыя лепшая?

Ірына Альхоўка: Некалькі год таму было дасьледаваньне Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя, паводле якога кожная трэцяя жанчына хоць раз у жыцьці зьведвае гвалт. Там крыху іншая мэтадалёгія, але гэта вельмі падобна да беларускіх лічбаў. У маштабе ўсяго сьвету статыстыка кажа, што кожная трэцяя жанчына ў сьвеце хоць раз адчувала хоць нейкі від гвалту. І яшчэ адно дасьледаваньне, якое праводзілася некалькі год таму, кажа, што гвалт распаўсюджаны ў тых супольнасьцях, дзе жанчыны ня могуць разьвесьціся, дзе ў іх фактычна няма правоў, дзе яны не самастойныя і залежаць ад мужчын. І там, дзе няма службаў, якія маглі б аказаць адэкватную прафэсійную своечасовую дапамогу.

Канешне, дзесьці ёсьць пэўныя культурныя асаблівасьці, напрыклад распаўсюджаная ў афрыканскіх краінах практыка жаночага абразаньня. З распаўсюдам міграцыі ў эўрапейскім рэгіёне таксама такія выпадкі фіксуюцца. Але ў прынцыпе карціна ўсюды вельмі падобная, на жаль. І тут няма імунітэту, напрыклад, у выглядзе заможнасьці, дабрабыту. Індустрыяльныя краіны — ЗША, Канада, Швэцыя, Вялікабрытанія — ва ўсіх краінах ёсьць гвалт у адносінах да жанчын і хатні гвалт.

«На дадзены момант у нас пражывае 24 чалавекі. Жанчыны з дзецьмі»

Ганна Соўсь: Вольга Гарбунова, я з вамі зьвязалася праз тэлефон, па якім могуць зьвярнуцца па дапамогу жанчыны, якія пакутуюць ад хатняга гвалту. У вашай арганізацыі — толькі жанчыны, жанчыны, якія самі спазналі гвалт і спрабуюць дапамагчы іншым жанчынам, якія трапілі ў гэтую сытуацыю. Як часта да вас зьвяртаюцца? Ці маглі бы вы распавесьці пра найбольш распаўсюджаныя выпадкі гвалту для Беларусі, зь якімі праблемамі да вас зьвяртаюцца найчасьцей? Ці тэлефанавалі вам сёньня?

Вольга Гарбунова: Вельмі складна прадвызначыць, будзе сёньня званок ці не. Сёньня на нашу лінію яшчэ не зьвярнулася ніводная жанчына з запытам пра разьмяшчэньне ў прытулку. Гэта заўсёды вельмі нестабільная сытуацыя, хвалепадобная, калі ў адзін час на лініі прастой і няма званкоў, а потым на працягу дня могуць зьвярнуцца 5-6 чалавек. На працягу году таксама складана спрагназаваць, але мы бачыць для сябе пэўныя пэрыяды году, калі ёсьць вялікі запыт. Напрыклад, перад Новым Годам, сьвятамі, зваротаў вельмі мала, мы зьвязваем гэта з тым, што людзі вераць у лепшае, спадзяюцца на цуд, на Новы Год, ці яшчэ нейкі пэрыяд, які прынясе зьмены ў іх сям’ю. Але, на жаль, пасьля сьвятаў адразу ж, і ў момант сьвятаў, на нашу лінію пачынаюць паступаць першыя звароты.

Мы часта гаворым, што на нашу лінію можна патэлефанаваць ня толькі ў выпадку, калі ёсьць цяжкія наступствы для здароўя, сінякі, пашкоджаньні, ці заява ў міліцыю напісаная. Мы прымаем жанчын, якія пацярпелі ад любога віду гвалту — гэта можа быць і псыхалягічны, і фізычны гвалт. Тым ня менш такім сэрвісам, як прытулак, людзі звычайна карыстаюцца ў такіх сытуацыях, калі наступствы для здароўя, для сям’і, ужо вельмі шматлікія, то бок сытуацыя ўжо даведзеная да мяжы. Нашмат больш частая сытуацыя — гэта калі да нас жанчына зьвяртаецца з ужо напісаным зваротам у міліцыю, са спробай завесьці крымінальную справу, гэта значыць, што гвалт адбываўся шмат гадоў.

Канешне, можна было б дапамагчы нашмат хутчэй і эфэктыўней, калі працаваць на прадухіленьне такой бяды. Але для гэтага павінна быць усьведамленьне, што такое хатні гвалт, як ён адбываецца і як нялёгка фізычна кантактаваць з агрэсарам. Што тычыцца працэдуры: тэлефон, на які можна званіць — гэта тэлефон экстранай дапамогі для разьмяшчэньня ў прытулак, ён працуе кругласутачна. Жанчына ў любы момант можа зьвярнуцца на лінію. І калі яна праходзіць працэдуру ідэнтыфікацыі, напрыклад у РАУС, ці на працы зь іншым спэцыялістам. Калі жанчына паведамляе, што ёй гэты тэлефон далі ў міліцыі ці ў цэнтры сацыяльнай абароны насельніцтва, для нас гэта ўжо паказчык таго, што нейкі спэцыяліст вызначыў чалавека дакладна як пацярпелага, і тады гэтая працэдура больш хуткая.

Калі жанчына да нас зьвяртаецца ўпершыню і да гэтага яна нідзе не атрымлівала дапамогі, то ў ходзе тэлефоннай размовы ці сустрэчы мы вывучаем сытуацыю, глядзім дакумэнты і прымаем рашэньне. Што тычыцца апэратыўнай сытуацыі, то часта ў нас адбываюцца начныя засяленьні. Мы прымаем усіх, каму патрэбная дапамога. Прытулак — гэта ня месца, куды можна проста прыехаць адпачнуць, гэта сацыяльны прытулак, жыць у якім ня так камфортна, як ва ўласнай кватэры.

Ганна Соўсь: Колькі зараз жанчын у вашым прытулку?

Вольга Гарбунова: На дадзены момант у нас пражывае 24 чалавекі. Жанчыны з дзецьмі. На працягу хвілін 40-60 у нас ёсьць магчымасьць разьмясьціць пацярпелую, і потым ёсьць некалькі дзён для вывучэньня сытуацыі. Калі прымаецца рашэньне, што такая дапамога патрэбная, то працягваецца дамова на той пэрыяд, пакуль ёй патрэбная наша дапамога.

«Рашэньне спыніць адносіны можа выклікаць яшчэ больш моцную рэакцыю гвалтоўных дзеяньняў з боку партнэра»

Ганна Соўсь: Вольга Янчук, вы займаецеся трэнінгамі ў справе супрацьдзеяньня хатняму гвалту. Чаму ахвяры гвалту ў вялікай колькасьці выпадкаў маўчаць? Бо сорамна, ня ведаюць куды зьвярнуцца, няма ясных шляхоў, што рабіць у такіх выпадках?

Вольга Янчук: Тое, пра што казалі Ірына і Вольга — гэта праўда, таму што на сёньняшні дзень жанчын, якія зьвяртаюцца па дапамогу, адзінкі ў параўнаньні з тымі, хто ў паўсядзённым жыцьці зьведваюць гвалт у сем’ях з боку партнэраў. Многія з тых, хто маўчаць, маўчаць ня проста так. Часта гэта зьвязаныя з тым, што на працягу жыцьця дзяўчынка, калі расьце, робіцца дзеўчынай, маладой жанчынай, выходзіць замуж, штодзённа чуе, што жанчына павінна быць мудрай, што сямейныя ўзаемаадносіны будуюцца такім чынам, што глава сям’і — мужчына, калі мы кажам пра традыцыйную патрыярхальную сям’ю, якая распаўсюджаная ў Беларусі, што жанчына павінна саступаць, і г.д.

Штодзённа жанчына чуе, што яна адыгрывае менавіта такую ролю ў сямейных узаемаадносінах, што яна павінная паводзіць сябе мудра, трымаць спакой, калі нешта адбываецца ў сям’і. І калі муж ужывае гвалт у адносінах яе, абвінавачваючы яе ў тым ліку ў тым, што гвалт адбываецца празь яе, то яна паступова ў гэта верыць, тым больш, што гэта падтрымліваецца грамадзтвам, атачэньнем, выхаваньнем і т.д.

Трэба ўсьведамляць, што рашэньне спыніць адносіны пасьля гвалту можа выклікаць яшчэ больш моцную рэакцыю гвалтоўных дзеяньняў з боку партнэра. І тут трэба рэальна ўсьведамляць ступень рызыкі і плянаваць, якім чынам неабходна дзейнічаць, каб максымальна захаваць бясьпеку сваю і сваіх дзяцей. Неабходна раіцца са спэцыялістамі і з бліжэйшым атачэньнем, якое будзе падтрымліваюць, што таксама не заўсёды бывае ў жанчын. Трэба прадумаць, якім чынам неабходна стварыць умовы, каб зьмяніць сытуацыю ў максымальна бясьпечных для жанчыны ўмовах. Ну і, канешне ж, сорамна, што сытуацыя гвалту зь ёй здарылася. Але калі яна, дзякуючы спэцыялістам, знаёміцца зь іншымі жанчынамі, яна бачыць, што яна не адна такая, і адпаведна разумее, што яе сытуацыя — не ўнікальная, і ёй тады лягчэй самой і прымаць рашэньне, і з дапамогай іншых жанчын будаваць сваю самастойную стратэгію зьмены сытуацыі.

«У адпаведнасьці са стандартамі ЭЗ, неабходна, каб было бясьпечнае месца ці цэнтар на 10 тысяч насельніцтва»

Ганна Соўсь: Ірына, як рухаюцца справы з прыняцьцем закону аб прафіляктыцы гвалту ў сямʼі? Наколькі ён зможа палепшыць сытуацыю? І ці рыхтуецца ён у супрацы з прадстаўнікамі грамадзкасьці, якія шмат гадоў займаюцца тэмай хатняга гвалту?

Ірына Альхоўка: Так, я спадзяюся, што закон прымуць сапраўды ці ў гэтым годзе, ці ў пачатку наступнага году, згодна працэдуры ўхваленьня законапраекту ў парлямэнце. Мы як ніколі блізкія да гэтага моманту. Калі ня зараз, то я думаю, мы яшчэ ня хутка вернемся да абмеркаваньня гэтага пытаньня. Згодна даручэньня прэзыдэнта, павінна быць распрацаваная канцэпцыя законапраекту, і вось ужо ў чацьвер адбудуцца нацыянальныя кансультацыі паміж зацікаўленымі ў першую чаргу дзяржаўнымі органамі, міжнароднымі арганізацыямі, і таксама грамадзтвам, арганізацыямі, хто ў гэтай тэме даўно працуюць. Будзе абмяркоўвацца першы драфт, першы чарнавік тэксту.

Мы ўсе знаёмімся, думаю, што мае каляжанкі таксама пабачылі гэты тэкст, мы яго чытаем. Пакуль я не гатовая камэнтаваць, таму што аб’ём вялікі, і спадзяюся, будуць прадуктыўныя кансультацыі. Чаму закон патрэбны? Сёньняшняга заканадаўства не хапае, нягледзячы на тое, што ў нас у адміністратыўным законе пра прафіляктыку правапарушэньняў ёсьць ужо з 2009-га году азначэньне гвалту ў сям’і, і хто можа пацярпець ад яго. Але ў нас адсутнічаюць вельмі многія кампанэнты, якія павінныя рабіць гэтую працу комплекснай.

У нас, напрыклад, не апісана, якім чынам, як адбываюцца міжведамственныя ўзаемадзеяньні на нацыянальным узроўні. Так, ёсьць пратаколы ў рэгіёнах, у кожным раёне, але якім чынам працуе ўся сыстэма, ня вельмі зразумела. Таксама ня вельмі зразумела, як будуецца праца з вінаватымі ў гвалту ў сям’і, таму што сусьветны досьвед кажа, што карэкцыйныя праграмы павінныя быць прымусовыя, таму што ў фармаце добраахвотных кансультацый карэкцыйныя праграмы не працуюць. Таксама мы чакаем, што будзе прапісаная больш выразна роля грамадзтва. Па тым, як мы ўдзельнічаем, наколькі нас прыцягваюць, я магу сказаць, што экспэртыза грамадзкіх арганізацый вельмі запатрабаваная. Напрыклад, агульнанацыянальная «гарачая лінія», якую адмініструе наша арганізацыя, прадстаўляе альтэрнатыўную статыстыку, якая дае магчымасьць разумець маштабы гвалту ў сям’і. І аналізуючы нашу статыстыку, мы пабачым адказы на гэтыя пытаньні «Чаму не зьвяртаюцца? Куды не зьвяртаюцца?».

Ганна Соўсь: А колькі патрэбна Беларусі такіх прытулкаў як «Радаслава»? Ці прадугледжана новым законам, каб іх стала больш?

Ірына Альхоўка: Пакуль складана сказаць, што ў гэтым законе, бо працэс настолькі жывы, што я не гатовая нейкія дэталі расказаць… У адпаведнасьці са стандартамі ЭЗ, неабходна, каб было бясьпечнае месца ці цэнтар на 10 тысяч насельніцтва. Адназначна, мы пакуль такога паказчыка не дасягаем. Увесь досьвед, які сёньня ёсьць у справе аказаньня дапамогі пацярпелым ад хатняга гвалту, прыходзіць ад грамадзкіх арганізацый, у прыватнасьці арганізацыі маіх каляжанак з «Радаславы», зь «Дзіцячай вёскі», з прытулку праваслаўнага сястрынства. То бок гэта досьвед не дзяржаўны.

І я думаю, што гэты досьвед запазычыцца дзяржаўнымі структурамі. У нас працуе сетка з больш чым 100 крызыснымі пакоямі. Іншая справа, што яны эксклюзыўна не працуюць толькі на пацярпелых ад хатняга гвалту, але і на іншыя групы насельніцтва, у той час, як дапамога, якую аказваюць грамадзкія аб’яднаньні, спэцыялізаваная. Мы працуем толькі з гэтай катэгорыяй, і ў гэтым, напэўна, наша сіла, бо спэцыялізацыя мае на ўвазе больш глыбокую прафэсійную падрыхтоўку, тэхналёгіі, якія адпавядаюць запытам, і гнуткасьць у прымяненьні такіх тэхналёгій.

Нам дапамагаюць Рычард Ла Руіна, Mark Formelle і шмат людзей празь пляцоўку «Імёны»

Ганна Соўсь: Прытулак для жанчын дзейнічае ў тым ліку і на ахвяраваньні неабыякавых людзей. Ці маглі бы назваць іх, а таксама распавесьці, якая дапамога і ў якіх формах патрэбная цяпер?

Вольга Гарбунова: Як любое грамадзкае аб’яднаньне, мы, безумоўна, ня маем магчымасьць праводзіць камэрцыйную дзейнасьць, зарабляць на нашы паслугі, таму мы існуём за кошт дапамогі з боку грамадзян. Асноўнае фінансаваньне самых бытавых бягучых пытаньняў — гэта спонсарская дапамога грамадзяніна Вялікабрытаніі Рычарда Ла Руіна.

Апошні год мы працуем з пляцоўкай «Імёны», на якой у нас ідзе збор сродкаў, і мы насамрэч вельмі ўражаныя, колькі на дадзены момант у нас ужо штомесячных падпісантаў. Гэта людзі, якія прывязалі дапамогу нашаму прытулку да сваіх картак, адкуль ідзе штомесячнае сьпісаньне. Дзякуючы гэтаму ў нас таксама зьяўляецца магчымасьць аплачваць паслугі і набываць рэчы, неабходныя для кліентак у прытулку. Таксама мы заключылі дамову пра спонсарскую дапамогу з кампаніяй Mark Formelle, якая таксама нам штомесячна дапамагае, аплачвае паслугі юрыстаў, і іншыя накірункі нашай дзейнасьці, падтрымлівае, напрыклад, жаночую самаабарону.

Вось такія асноўныя крыніцы фінансаваньня, але мы працуем над гэтым пытаньнем і ўсё больш спрабуем працаваць унутры краіны, а не як раней за межамі, хоць мы разумеем, што за мяжой на гэтыя грошы дзесьці і прасьцей было б. Нам вельмі важна, каб у Беларусі гэта абмяркоўвалася ня толькі з пункту гледжаньня, маўляў, надышло чарговае сьвята, ці тэматычны тыдзень, калі ўздымаюць праблему гвалту ў адносінах да жанчын, але каб у людзей зьмянялася стаўленьне да гэтай праблемы. Трэба, каб людзі сыходзілі ад абвінавачваньня пацярпелых, ад прынцыпу «мая хата з краю», «мы ня ўмешваемся ў тое, што адбываецца ў сем’ях нашых блізкіх, сваякоў і г.д».. Фінансавая падтрымка такіх праектаў таксама будзе адным з інструмэнтаў, каб зьмяніць гэтае стаўленьне. І мы плянуем працаваць над гэтым яшчэ мацней.

«Гвалт адбываецца ня толькі ў праблемных сем’ях»

Ганна Соўсь: Ёсьць стэрэатыпы, што хатні гвалт уласьцівы для праблемным семʼям, дзе пʼюць, дзе невысокі ўзровень адукацыі і нізкі сацыяльны статус. Тады як гэтая праблема можа быць глыбока схаваная ў вельмі пасьпяховых, на першы погляд, семʼях, і вядомыя і высокапастаўленыя людзі могуць ужываць гвалт у сямʼі. У Беларусі не было рэзанансных выпадкаў, калі ў хатнім гвалце абвінавачвалі вядомых асобаў. Як вы лічыце? Ці такі прэцэдэнт дапамог бы патэнцыйным ахвярам не баяцца прызнацца?

Вольга Янчук: Калі б у Беларусі было болей публічных людзей, вядомых прадстаўнікоў дзяржаўных установаў, адукацыйных, якія распавялі бы ўласныя гісторыі пра тое, як яны пераадолелі гэтую сытуацыю, што для іх гэтая праблема таксама знаёмая, я думаю, у большай бы ступені жанчынам было б лягчэй раскрываць свае сытуацыі, зьвяртацца па дапамогу. Сапраўды, гвалт адбываецца ня толькі ў праблемных сем’ях, але і ў семʼях, дзе людзі маюць вышэйшую адукацыю, займаюць высокія пасты на даволі прэстыжных працах, атрымліваюць высокія даходы. Для іх у тым ліку сытуацыя гвалту ў партнэрскіх адносінах вельмі актуальная. На «гарачую лінію» зьвяртаюцца па дапамогу і людзі, у якіх партнэры не ўжываюць алькаголь.

Калі мы возьмем афіцыйную статыстыку МУС па хатняму гвалту, то там колькасьць людзей, якія ўжываюць алькаголь, можа перавышаць і 60, і 70%, але варта памятаць пра тое, што людзі, якія маюць асацыяльныя паводзіны, знаходзяцца ў большай ступені пад кантролем, назіраньнем і выклікаюць інтарэс у праваахоўных органаў. І канешне ж, гэта фіксуецца. Але калі мы кажам пра нармальныя, вонкава добрыя сем’і, на жаль, і ўнутры такіх сем’яў часта ўчыняюцца гвалтоўныя дзеяньні. Гэта культура патрыярхальных, герархічных, гвалтоўных паводзінаў, людзі прывыклі жыць у гэтым гвалце. Мы кажам пра гістарычныя абставіны і пра СМІ, пра стэрэатыпы, у якіх мы выхоўваемся з пункту гледжаньня «нармальных» мужчынскіх і жаночых паводзінаў.

Адпаведна для многіх з нас гвалт робіцца нормай у штодзённым жыцьці, і, на жаль, ён перадаецца далей дзецям, трансьлюючы такую мадэль паводзінаў, у далейшым яна пераходзіць маладым сем’ям і т.д. Мы кажам пра тое, што алькаголь не зьяўляецца прычынай гвалту. Ён можа быць спадарожным фактарам і адпаведна мы больш увагі на такія сем’і зьвяртаем. Але сапраўды гвалт не залежыць ад узроўню даходу, ад таго, дзе пражывае чалавек…

«Сэксуальны гвалт сёньня — гэта самы лятэнтны сярод іншых відаў хатняга гвалту»

Ганна Соўсь: Ірына, вельмі важна дакладна разумець, што такое хатні гвалт, бо гэта ня толькі зьбіцьцё. Ці маглі бы вы распавесьці пра ягоныя розныя формы, пра тое, што можна лічыць хатнім гвалтам?

Ірына Альхоўка: Як правіла, выдзяляюць чатыры асноўныя формы: гэта фізычны гвалт, псыхалягічны, сэксуальны, эканамічны, і яшчэ дадаюць кантроль. Але фізычны гвалт распазнаецца ва ўсіх, гэта фізычныя траўмы рознай ступені цяжкасьці, якія бачныя, якія можна ідэнтыфікаваць. Таму фізычны гвалт — гэта тое, пра што мы часьцей за ўсё чуем, чытаем пра гэта ў сродках масавай інфармацыі.

Псыхалягічны гвалт уключае ў сябе кантроль, прыніжэньне, зьнявагу. Гэта розныя параўнаньні, накіраваныя на падпарадкаваньне і на прыніжэньне чалавечай годнасьці. Да сэксуальнага гвалту адносіцца ўступленьне ў сэксуальныя зносіны і любая сэксуальная практыка, якая ажыцьцяўляецца супраць волі жанчыны. У нас Крымінальны кодэкс ня робіць адрозьненьняў паміж гвалтам, які адбываецца ў публічнай прасторы паміж незнаёмымі людзьмі, і гвалтам у шлюбе. Сэксуальны гвалт гэта на сёньня самы лятэнтны від гвалту, які існуе сярод іншых відаў хатняга гвалту. Эканамічны гвалт, як правіла, гэта кантроль над расходамі, гэта забарона вучобы, забарона на атрыманьне дадатковага даходу. Мужы правяраюць чэкі, глядзяць у тэлефоне, кантралююць, якім чынам жонкі ці партнэркі трацяць грошы, і такім чынам вядуць разьлік у сваіх інтарэсах, а не ў інтарэсах сям’і.

Ну і кантроль можа быць часткай усіх відаў гвалту, гэта кантроль куды пайшла, зь кім гаварыла, зь кім ты камунікуеш. Вельмі часта маладыя дзяўчыны прымаюць кантроль як спосаб такой галянтнасьці, таму што ён нібыта клапоціцца. На самай справе кантроль звужае самастойнасьць жанчыны, абмяжоўвае яе самастойнасьць і ператварае яе ў залежнага чалавека, што дазваляе ў далейшым агрэсару працягваць прымяняць гвалт і быць упэўненым, што ёй няма да каго зьвярнуцца.

«Б’е — значыць, сядзе»

Ганна Соўсь: Як вы лічыце, ці дагэтуль жывы стэрэатып: «бʼе — значыць любіць». Якой іншай формулай трэба яго замяніць у 21 стагодзьдзі?

Вольга Гарбунова: Ёсьць даўно такая фраза, «б’е — значыць, сядзе». Пакуль мы будзем разглядаць тэму хатняга гвалту з пункту гледжаньня традыцыйнага ўяўленьня пра тое, што «мілыя сварацца — толькі цешацца», і «ідэальных адносінаў не бывае», «ва ўсіх ёсьць свае недахопы і вартасьці», і мы ўсё гэта будзем прымяраць без разбору на любыя сытуацыі, уключаючы сытуацыі канкрэтнага гвалту, то, на жаль, наша ўяўленьне ня будзе мяняцца, нашы паводзіны ня будуць мяняцца, і ў нас не будзе павышацца гэтая адчувальнасьць.

Толькі калі мы пачнём разглядаць хатні гвалт як ён ёсьць на самай справе, а па беларускіх законах гэта правапарушэньне, злачынства, гэта тое, чаго адзін чалавек ня мае права рабіць у адносінах да другога, толькі тады пачнецца нейкі зрух у нашай грамадзкай сьвядомасьці. І тады пацярпелыя ня будуць баяцца зьвяртацца па дапамогу, ня толькі ў такія сэрвісы, як наш, а проста па чалавечую сяброўскую дапамогу да сваіх блізкіх. Агрэсары будуць разумець, што гэта парушэньне правоў, што ён парушае закон, і ён панясе за гэта адказнасьць, бо насамрэч сытуацыя гвалту адбываецца ў выніку так званай беспакаранасьці. Таму мы выступаем за тое, што хатні гвалт — гэта патэнцыйна небясьпечны від злачынства.

Вольга Янчук: З майго пункту гледжаньня, у сем’ях партнэрскія ўзаемаадносіны ўяўляюцца найбольш каштоўнымі, і калі два партнэра сапраўды бачаць адзін у адным людзей з усімі перавагамі і недахопамі, і іх жыцьцёвы выбар, лад жыцьця, цэніцца адзін адным і падтрымліваецца, ў гэтым выпадку мы кажам пра тое, што ў такіх сем’ях абмяркоўваюцца ўсе канфлікты, адбываецца працэс перамоваў, людзі знаходзяць негвалтоўная шляхі вырашэньне ўсіх канфліктных сытуацый…

На сучасных трэнінгах мы і навучаем моладзь негвалтоўным шляхам камунікацыі і вырашэньня жыцьцёвых сытуацый, навучаем бачыць у чалавеку сапраўды асобу і паважаць яго за яго асабісты выбар. І ў прынцыпе можна знайсьці ў сацыяльных сетках і на нашым сайце вельмі многа інфармацыі на гэтую тэму, і ўжо ў бліжэйшым будучым будзе магчымасьць больш і пэдагогам, і непасрэдна самой моладзі, падключацца да такіх трэнінгаў нефармальнай адукацыі, дзе мы будзем навучаць таму, як выбудоўваць негвалтоўная адносіны, і такім чынам пазьбягаць гвалту ва ўласных сем’ях, ва ўласных партнэрскіх адносінах.

Читать полностью: svaboda.org