«Абліў жонку бэнзінам і падпаліў». У Менску чыталі гісторыі тых, хто загінуў ад рук агрэсараў

28 і 29 сьнежня ініцыятыва «Маршыруй, дзетка!» правяла дазволеныя пікеты ў падтрымку прыняцьця закону супраць хатняга гвалту. У пікетах удзельнічала каля сямідзесяці чалавек. За гэтыя дні было сабрана каля 250 подпісаў пад петыцыяй па прыняцьцю закону. Актывісткі таксама паўтарылі нашумелую акцыю: на белым сьнезе выставілі пафарбаваныя аранжавым туфлі. Кожная пара рэпрэзэнтуе чалавека, які загінуў ад хатняга гвалту. На пікеце тэму туфляў раскрылі крыху больш: актывісткі зачытвалі рэальныя гісторыі памерлых ахвяраў.

Побач з туфлямі выставілі люстэркавыя абрысы жанчыны, мужчыны, дзіцяці і чалавека на вазку. Прыхільнікі закону супраць хатняга гвалту робяць акцэнт на неабходнасьці комплекснага падыходу: пакутуюць ня толькі жанчыны.

Побач з туфлямі выставілі люстэркавыя абрысы жанчыны, мужчыны, дзіцяці і чалавека на вазку. Прыхільнікі закону супраць хатняга гвалту робяць акцэнт на неабходнасьці комплекснага падыходу: пакутуюць ня толькі жанчыны.

Дзеля 375 рублёў пяцідзесяцігадовыя пляменьнікі задушылі сваю васьмідзесяцігадовую цётку… На вачах у дзевяцігадовай дачкі былы муж нанёс жонцы дваццаць чатыры ўдары нажом, яна памерла ад страты крыві… Муж зьбіў 45-гадовую жонку, у тым ліку ўдарыў чатыры разы па галаве і пайшоў спаць; жанчына памерла ад траўмаў, якія атрымала… 47-гадовы сын зьбіў свайго 70-гадовага бацьку; ад траўмаў мужчына памёр, а сын зьвярнуўся ў міліцыю і паведаміў, што яго бацька атрымаў траўму, калі ўпаў…

Шматлікія гісторыі чыталі, каб падкрэсьліць: сьмерць чалавека вельмі рэальны вынік хатняга гвалту.

«Гэта істотны для нас дзень, таму што ініцыятыва „Маршыруй, дзетка!“ з 5 лістапада 2018 году спрабавала правесьці і пікеты, і марш, і флэшмоб, і гэта ўсё нам было забаронена, кажа арганізатарка Сьвятлана Гатальская. І сёньня ўпершыню нам дазволілі правесьці пікет».

Сьвятлана Гатальская

Правесьці пікет удалася з трэцяй спробы. Каб атрымаць дазвол, даслалі 38 асабістых заявак. Задаволілі дзьве: адну на правядзеньне пікету 28 сьнежня ў парку Дружбы народаў, другую – на пікет 29 сьнежня ў Кіеўскім сквэры.

«Магчыма, яны думалі, што будзе холадна, выпадзе сьнег і мы не захочам нічога праводзіць, – усьміхаецца Святлана. Я, канешне, спадзяюся, што, нарэшце, улады зразумелі, што гэта не апазыцыйнае палітызаванае пытаньне, а пытаньне грамадзянскай справядлівасьці»

На пікеце зьбіралі подпісы пад пэтыцыяй за прыняцьце закону супраць хатняга гвалту. Пэтыцыю і калектыўны зварот накіруюць ва ўсе датычныя да гэтай тэмы дзяржаўныя органы ў лютым.

На 29 сьнежня ініцыятыва «Маршыруй, дзетка!» плянавала фотаакцыю, але яе правесьці не атрымалася. Арганізатаркі перанеслі яе на будучыню.

«Я спадзяюся, гэта будзе гучна і нас пачуюць, нарэшце, – кажа адна з арганізатарак Аляксандра Сакалова. Мы прытрымліваемся курсу ўзгодненых мерапрыемстваў. Мы ня хочам сварыцца з уладамі, мы хочам зь імі сябраваць. Мы хочам аб’яднацца ў барацьбе супраць хатняга гвалту».

Крыніца: www.svaboda.org